Слова Божае
Пан прызначыў семдзесят двух іншых вучняў і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам хацеў ісці. І сказаў ім: Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё.
Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні машны, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце. У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: Спакой гэтаму дому! І калі будзе там сын спакою, то на ім спачне ваш спакой. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. І аздараўляйце ў ім хворых, і кажыце ім: Наблізілася да вас Валадарства Божае.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Езус запрашае мяне падарожнічаць без цяжару, быць гатовым несці супакой. Ён кажа благаслаўляць без ваганняў, не турбуючыся, ці прымуць маю зычлівасць. Мая вартасць не зменшыцца за кошт таго, што будзе адкінута. Малюся аб тым, каб магчы быць шчодрым, ведаючы, што Бог ніколі не пакіне мяне ў патрэбе.
- Я малюся з глыбокай падзякай за асобу святога Лукі і іншых евангелістаў. Дзякуючы ім я і безліч іншых людзей можам пазнаваць і наследваць Езуса.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- «Вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў», — кажа Пан вучням. Такое ўдакладненне не гучыць як трапны «піар»-ход: Езус не дае сваім пасланцам гарантыю ашаламляльнага поспеху, а рэалістычна папярэджвае аб магчымым супраціве з боку людзей. Аднак у гэтых словах схавана таксама запрашэнне не паддавацца боязі і запэўненне ў тым, што менавіта такі стыль пераможны. Сведка Езуса не навязвае сябе агрэсіўна, а дазваляе Богу дзейнічаць, калі дзеліцца тым дарам, які яму быў шчодра дадзены.
- Калі мы ўсведамляем, што не варта клапаціцца аб канчатковым выніку, а трэба проста шчыра рабіць тое, што ў нашых сілах, то вызваляемся ад лішняй засяроджанасці на ўласнай эфектыўнасці. Можам жадаць іншым дару спакою, не клапоцячыся, ці яны таго вартыя: калі так, то спакой спачне на іх, калі не — вернецца да вас, кажа Езус.
- Указанні на выпадак непрыняцця з боку іншых таксама дапамагаюць не быць закладнікамі негатыўнага досведу: «абтрэсці пыл з ног вашых» — гэта сімвалічны знак для іншага чалавека, ён пазбаўлены агрэсіі і, напэўна, не закрывае ўсіх дзвярэй на будучыню. Але адначасова гэта вельмі важны знак для самога вучня: «пакінуць у мінулым» гэты досвед, не дазволіць, каб такая «няўдача» пазбавіла энтузіязму і веры ў ягоную справу. Надта часта здараецца, што негатыўнае меркаванне іншых людзей пра нас і рэчы, якія мы лічым важнымі, уплывае на наш настрой і забірае жаданне дзейнічаць. Менавіта ад такіх наступстваў хоча абараніць сваіх пасланцоў Хрыстус.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Дзякуй Табе, Езу, за дар мовы. Прашу Цябе благаславіць мае вусны і вызваліць мой язык. Прашу аб мудрасці, каб ведаць менавіта тыя словы, якія трэба сказаць.
- Езу, дакраніся таксама да маіх вушэй! Зірні, як я імкнуся пачуць Твой голас сярод усіх гукаў, што акружаюць мяне. Дапамажы мне не быць глухім да таго, што Ты прапануеш для майго збаўлення.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Пане, Ты пасылаеш вучняў на місіі, і Твае словы гучаць скрозь стагоддзі з той жа моцай. Ты пасылаеші іх парамі, а не паасобку. Ты кажаш ім, каб падарожнічалі ўлегцы і былі ўразлівымі, каб прынесці супакой, але не гублялі час на свецкія размовы.
- Па кожным з гэтых пунктаў я магу паглядзець на сваё жыццё.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Калі б я мог зараз перанесціся ў Евангелле, мне хацелася б уявіць сябе адным з тых “іншых сямідзесяці”. Вось, я – вучань Езуса. Я слухаю і гляджу, прымаю выклік і выпраўляюся ў шлях. Я не маю з сабой аніякіх рэсурсаў, толькі яснае бачанне, мае ўнікальныя ўнутраныя дары і адкрытае сэрца.
- У многіх частках свету я магу быць “як ягня сярод ваўкоў”. Адлюстраваннем маёй веры з’яўляюцца словы: “Спакой гэтаму дому”, а маім жаданнем – загаіць раны падзелаў паміж людзьмі. Я не магу адмовіцца ад такога бачання “валадарства”, калі я хачу застацца ў гэтай евангельскай сцэне сярод “іншых сямідзесяці”.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Гэтае чытанне ўжо гучала ў гэтым месяцы ў свята Святога Францішка (4 кастрычніка). Ізноў яно выбрана на свята Святога Лукі, аўтара трэцяга Евангелля. Два святых, якіх раздяляе дванаццаць стагоддзяў, натхнёныя адным і тым жа пасланнем: Божая радасць для бедных.
- «У дарозе нікога не вітайце». Евангелле патрабуе адкінуць сацыяльныя нормы, нават звычайную ветлівасць вандроўніка. Як выглядае маё духоўнае «вандраванне»? Ці ёсць у ім тая інтэнсіўнасць і мэтанакіраванасць, якія змушаюць іншых звяртаць увагу на нешта незвычайнае? Ці я з'яўляюся пасланцам на місіі?
- «Наблізілася да вас Валадарства Божае». Уяві, як чуеш гэтыя слова ў дачыненні да сябе. Ад каго ты іх чуеш? Цяпер уяві, што сам прамаўляеш гэтыя словы. Да каго?
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Калі Езус клікаў кагосьці, то потым заўсёды скіроўваў яго на місію. Вучань з'яўляецца апосталам. Езус адпраўляе 72 вучняў у вёскі і гарады, якія Ён мае намер наведаць. Усё, што ў вучняў ёсць, – гэта не матэрыяльная маёмасць, толькі факт пасланніцтва Езусам. Іх місія і моц – такія ж, як у Настаўніка: аздараўляць хворых і абвяшчаць важную навіну: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”.
- Езус вельмі ясна папярэджвае вучняў: “Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў”, аднак іх вестка – Супакой. Я прашу аб ласцы не быць глухім да закліку Езуса, давяраць Яму і несці супакой усюды, куды б я ні пайшоў.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Калі Езус звярнуў увагу «іншых сямідзесяці двух» на вялікае жніво і малую колькасць работнікаў, Ён не загадаў ім прыступіць да працы адразу. Ён сказаў ім маліцца. Гэта мы ўсе закліканы рабіць. Мы настойліва просім Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво Сваё.
- Нядаўна Папа Францішак нагадаў сваім слухачам, што сэрцам хрысціянскага апостальства з'яўляецца малітва. Гэта тое, што мы можам зрабіць незалежна ад нашай сітуацыі. Апякунка Місій Святая Тэрэза з Лізьё ніколі не пакідала свой кляштар на поўначы Францыі. Яна амаль літаральна ўспрыняла параду Пана: не пераходзьце з дому ў дом.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Сёння мы адзначаем успамін св. Лукі, аўтара Евангелля аб міласэрнасці і спачуванні. У пачатку сваёй місіі Езус паклікаў людзей быць Яго спадарожнікамі, а таксама быць пасланымі ў Яго імя, каб пашыраць Яго збаўчую місію. І мы пакліканы і выпраўлены ў сучасны свет. Дай нам, Пане, спагадлівае і місіянерскае сэрца, каб з велікадушнасцю і любоўю дзяліцца дарамі, якія мы атрымалі.
- Звычайна з сабой бяруць тое, што можа спатрэбіцца ў падарожжы, каб забяспечыцца ад мноства магчымых выпадкаў. З гэтага пункту гледжання Езус паслаў сваіх вучняў толькі з самым неабходным. Галоўным было абвяшчэнне Добрай Навіны аб Валадарстве і дар аздараўлення. Пане, дай нам свабоду выходзіць у шлях, давяраючы Табе забяспечыць нас усім неабходным для місіі.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- У сённяшнім урыўку Пан пасылае вучняў выканаць неабходную працу, але не ў самоце, а з іншымі вучнямі, а Бог апякуецца ўсімі. Ён дае дакладныя інструкцыі і дае ім зразумець, з чым яны сутыкнуцца.
- Божае пасланне – гэта перадусім пасланне супакою. Удзел у Божай справе можа зрабіць мяне непапулярным і выклікаць крытыку, але я пакліканы верыць, што Бог паклапоціцца пра мяне.
- Магчыма, я штодня нашу з сабой нешта насамрэч непатрэбнае мне? Дай мне, Пане, пачуць Божы заклік несці супакой свету і ласку адказаць на гэты заклік.
Разважанні да сённяшняга Слова Божага
ActiveDefault- Пан пасылае семдзесят вучняў, каб абвяшчаць, што наблізілася Божае Валадарства. Семдзесят значна большая лічба, чым дванаццаць. Гэтыя вучні прайшлі толькі своеасаблівы “шокавы” падрыхтоўчы перыяд цягам некалькіх месяцаў у прысутнасці Езуса, перш чым ім даручана было ісці ў свет, як “ягнятам сярод ваўкоў”. Толькі св. Лука апісвае місію сямідзесяці, таму мы і ўзгадваем гэтую падзею ў дзень ягонага свята. Пасланне супакою паўтараецца ў кароткім фрагменце тройчы. Евангелле Валадарства – гэта добрая навіна для ўсіх, хто ўдзельнічае ў вайне і канфліктах.
- Насілле часовае, супакой – трывалы. Сёння мы просім у Пана ласкі вызваліцца ад прывязанасці да зямных рэчаў, каб мы маглі несці супакой усім, каго сустракаем і з кім працуем, праз сваю ціхую і добразычлівую прысутнасць. Магчыма, менавіта такую місію дае нам Пан!