User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

Мц 25:14-30

Слова Божае

Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць:

Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў слуг сваіх і даручыў ім маёмасць сваю. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін, кожнаму паводле ўласных магчымасцяў, і ад’ехаў. Той, які атрымаў пяць талантаў, пайшоў і пусціў іх у абарот, і зарабіў яшчэ пяць талантаў. Таксама і той, які атрымаў два таланты, прыдбаў яшчэ два. А той, які атрымаў адзін талант, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра гаспадара свайго.

Па доўгім часе прыходзіць гаспадар слугаў гэтых і патрабуе ад іх рахунку.

Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і кажа: Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх. Гаспадар ягоны сказаў яму: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго.
Падышоў таксама і той, які атрымаў два таланты, і сказаў: Гаспадар, два таланты ты даў мне, вось яшчэ два таланты зарабіў я. Гаспадар ягоны сказаў яму: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны: над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго.

Падышоў і той, які атрымаў адзін талант, і сказаў: Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі: жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў. Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось вазьмі сваё.

Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: Нягодны і лянівы слуга, ты  ведаў, што я жну там, дзе не сеяў, і збіраю там, дзе не рассыпаў. Таму трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай. Таму забярыце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў. Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае. А бескарыснага слугу выкіньце вон у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

Мц 25:14-30
  • Разважанні да сённяшняга Слова Божага

    Active
    Default
    • Калі мы ўсведамляем, што Бог давярае нам, патрабуе нашай дапамогі для распаўсюджвання Добрай Навіны і дае неабходную для гэтага ласку, то сапраўды добра разумеем сваё вучнёўства. У сітуацыях, калі дазваляем страху і няўпэўненасці вызначаць, што рабіць з Ягонымі дарамі, Божыя інвестыцыі змяншаюцца або занепадаюць.
    • Пагавары з Панам аб тым, як ты выкарыстоўваеш дадзеныя табе дары і здольнасці, і як іх можна развіць дзеля Божай хвалы.
  • Разважанні да сённяшняга Слова Божага

    Active
    Default
    • Талант быў першапачаткова мерай вагі. У наш час ён метафарычна азначае прыроджаную здольнасць чалавека. Фізічныя і інтэлектуальныя дары, якія застаюцца без практыкі, атрафіруюцца. Гэтаксама і нашыя духоўныя дары! Ахоплены трывогай слуга са сваёй нясмелай бяздзейнасцю здранцвеў ад закрытасці розуму і скупасці. Наступствы? «Атрафіраваны» вучань!
    • Вучнёўства патрабуе мужнасці і рызыкі. Пане, дазволь мне адкрыць свае ўнікальныя таленты і самааддана выкарыстоўваць іх дзеля годных учынкаў любові. Уратуй мяне, Пане, ад пераўтварэння ў «атрафіраванага» вучня цераз нядбайнасць, пасіўнасць або страх!
  • Разважанні да сённяшняга Слова Божага

    Active
    Default
    • Гаспадар даручыў значныя сумы свайго багацця сваім слугам і ад’ехаў. Мне таксама было даверана столькі ўсяго: найперш я сам, людзі пад маёй апекай, абавязкі на працы і дома. Мне давераны клопат над створаным светам, нашым агульным домам. І некалі мяне запросяць даць справаздачу аб сваё дзейнасці. Сёння я па-асабліваму гляджу на наш дэградаваны свет, якім мы, здаецца, так дрэнна кіравалі і пакідаем яго ў вельмі сумным стане нашым будучым пакаленням. Чаго Валадар усяго стварэння чакае ад мяне? Якіх зменаў у маіх паводзінах?
    • Слуга, які з-за страху схаваў свой талант, названы нягодным, і гэта сапраўды жорсткае слова. Ці рызыкую я тымі шматлікімі рэчамі і якасцямі, даручанымі мне, каб павялічвалася Валадарства, ці я проста задаволены тым, што маю, і, стараючыся нічога не страціць, цешуся сваім рэспектабельным існаваннем? Што скажа мне гаспадар, калі запатрабуе ад мяне рахунку?
  • Разважанні да сённяшняга Слова Божага

    Active
    Default
    • Сёння адзначаецца Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння. Прыпавесць пра таланты – стасоўны тэкст для таго, каб жыць ім штодня. Папа Францішак параўноўвае ахову навакольнага асяроддзя з клопатам пра “ўласны дом”. Як у сям’і кожны намагаецца ўнесці пэўны ўклад у яе дабрабыт, так і ідэя належнага догляду за стварэннем патрабуе ад кожнага з нас адказнасці за захаванне спадчыны, якую Бог даручыў нам.
    • Ключ жа да разумення сённяшняга Евангелля ляжыць у пачуцці глыбокай удзячнасці поруч з усведамленнем велічы дароў Божых, якія садзейнічаюць уласнаму ўзрастанню і служаць на карысць іншым. Можна пахаваць гэты велізарны Божы дар і тым самым прычыніць сабе шкоду, злоўжываючы атрыманымі талантамі альбо не развіваючы іх увогуле. І толькі ўдзячнасць можа паспрыяць развіццю глыбокіх жывых адносінаў з Хрыстом.
  • Разважанні да сённяшняга Слова Божага

    Active
    Default
    • Гэтая прыпавесць – больш, чым заахвочванне добра выкарыстоўваць нашы здольнасці. Гаворка ідзе пра Валадарства, якое нам даручана, пакуль Гаспадар выпраўляецца ў далёкае падарожжа. Ён чакае, што ягоныя слугі будуць працаваць над давераным ім багаццем. Першыя два рызыкнулі і падвоілі тое, што атрымалі. Іх пахвалілі за адданасць і вернасць. Трэці слуга, які баяўся Гаспадара, страціў нават той талант, які меў.
    • Ці рызыкую я тым багаццем магчымасцяў і здольнасцяў, якія былі мне дадзены для пашырэння Валадарства? Можа, я задаволены тым, што маю, і перакананы, што не страчу гэта, досыць шчаслівы прыстойным існаваннем? Што скажа Гаспадар, калі пакліча мяне на справаздачу?
  • Разважанні да сённяшняга Слова Божага

    Active
    Default
    • Бог дае ў нашыя рукі скарб і пакідае нам свабоду распараджацца ім паводле нашых здольнасцяў, бо верыць, што мы здолеем зрабіць з яго нешта добрае і прыгожае.
    • Пан хоча бачыць нас Сваімі партнёрамі, супрацоўнікамі ў справе пабудовы Божага Валадарства, і гэта не нейкая гульня ці імітацыя, а сапраўдная адказнасць, ускладзеная на кожнага з нас.
    • Адзін з нашых «талентаў» — гэта ўгрунтаванае ў сэрцы і сумленні чалавека імкненне да справядлівасці і салідарнасці з бліжнімі, якое пашырае гарызонт нашага жыцця за межы асабістага інтарэсу, уключаючы ў яго агульнае дабро. Няхай у гэты час выпрабаванняў для нашай краіны ў нас хопіць гатоўнасці прыняць нялёгкую ласку развіваць гэты талент, не паддаючыся паралічу страху.
  • Разважанні да сённяшняга Слова Божага

    Active
    Default
    • Калі Божыя дары застаюцца нявыкарыстанымі, то відавочна, мы сумняваемся ў Божай дабрыні. У малітве я хачу папрасіць аб здольнасці лепей распазнаваць, як я мог бы служыць Богу і людзям усімі магчымасцямі, якія мне дасяжныя.
    • Выкананне Божай волі прымае разнастайныя формы для кожнага з нас з той прычыны, што нашыя благаслаўленні і жыццёвыя абставіны вельмі розныя. Пане, дапамажы мне не адчайваецца і не змарнаваць сваё жыццё, але карыстацца кожнай магчымасцю, якая паходзіць ад Цябе.
  • Разважанні да сённяшняга Слова Божага

    Active
    Default
    • З падзякай разважаю пра дары, якія атрымаў. Спачатку ў здзіўленні гляджу на іх: на сваё жыццё, веру і асабліва на людзей, якія побач і якія дапамаглі мне стаць тым, хто я ёсць. Потым разважаю пра дармовасць усяго гэтага і прашу Бога навучыць мяне быць удзячным праз павагу да талентаў і здольнасцяў іншых.
    • Ці падобны я на тых першых двух, якія плённа выкарыстоўвалі каштоўныя дары, або на трэцяга, які больш клапаціўся аб тым, каб не страціць тое, што меў, і ў выніку страціў усё. Напэўна, ёсць ува мне нешта ад кожнага з іх, таму прашу аб ласцы ўнутранай свабоды, каб выказаць Пану сваю ўдзячнасць усім сваім жыццём, аддаючы ўсё дзеля Валадарства і не чапляючыся за падманлівае пачуццё бяспекі.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'