User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2018-07-11

Божая прысутнасць

Некалькі хвілін я разважаю пра нябачную прысутнасць Бога ў рэчах:
Ён дае існаванне элементам,
жыццё – раслінам, адчуванне – жывёлам,
нарэшце, Ён прысутны ўва мне
і шчодра надзяляе мяне Сваімі дарамі,
робіць мяне святыняй, месцам прабывання Духа.

Свабода

Пане, Твая смерць на крыжы вызваліла мяне.
Я магу жыць радасна і свабодна
без страху смерці.
Міласэрнасць Твая не мае межаў.

Усведамленне

Добры Божа, дапамажы ўсведамляць
Тваю прысутнасць,
Тваю моц і Тваю любоў
праз усе дні жыцця майго.

Слова Божае

Мц 10:1-7

Езус, паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач. Імёны ж дванаццаці Апосталаў былі такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Зэбэдэеў і Ян, брат ягоны, Філіп і Барталамей, Тамаш і Мацвей мытнік, Якуб Алфееў і Тадэвуш, Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго.

Гэтых дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: На шлях язычнікаў не ўзыходзьце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце. Але перадусім ідзіце да авечак з дому Ізраэля, якія загінулі. А ідучы, абвяшчайце, кажучы: Наблізілася Валадарства Нябеснае.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Сённяшняе Божае Слова кажа аб тым, як Езус выбірае Дванаццаць, каб яны былі з Ім і падзялілі Яго прагненні і задумы. Праз Яго заклік “Ідзіце і абвяшчайце” Добрая Навіна прапаведваецца зараз па ўсім свеце і кожнаму з нас, вельмі часта – нейкім сваім, непаўторным шляхам.
  • Прыслухайся, як Ён кліча цябе быць з Ім і пасылае цябе абвяшчаць Добрую Навіну так, як можаш рабіць толькі ты.

Размова

Езу, Ты заўсёды быў чулы з малымі дзецьмі,
калі сустракаў іх на зямлі.
Навучы па-дзіцячы поўнасцю давяраць Табе
і жыць ва ўпэўненасці,
што Ты ніколі не пакінеш мяне.

Заканчэнне

Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з
Ім некалькі хвілін, а таксама за ўсялякае прасвятленне, што мне было дадзена
праз Пісанне.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Іншыя матэрыялы ад 'Прасторы малітвы'