• Разважанне на падставе чацвёртай главы кнігі «Сем апошніх слоў» айца Джэймса Марціна SJ (James Martin, Seven Last Words).
    Музыка: 'Salve' by Teresa Brown Copyright Devine Music. devinemusic.org.uk

     

  • Уводзіны ў малітву

    • Ці адчуваеш ты Божую прысутнасць сёння? Наколькі табе лёгка ці цяжка знайсці, адчуць яе? Незалежна ад таго, адчуваеш ты Бога блізкім ці далёкім, правядзі некаторы час у цішыні, засяродзіўшыся на сваім дыханні. Гэтае дыханне ты атрымаў ад Бога: жыццядайнае дыханне, якое дазваляе табе жыць, рухацца і прабываць штодня ў Божым тварэнні. Засяродзься на некалькі хвілін толькі на сваім дыханні, усведамляючы, што яно дадзена Богам.
  • Запрашэнне

    • Ва ўрыўку, над якім мы разважаем сёння, Езус звяртаецца да Айца словамі чалавека, які гэтак жа ўсклікаў да Бога і быў пачуты. Пра гэтага чалавека апавядаецца ў 22 псальме. Адзнач, што найбольш прыцягвае тваю ўвагу ў сённяшнім чытанні з Евангелля паводле Марка…
  • Слова Божае

    Чытанне святога Евангелля паводле Марка

    Мк 15, 33–39

    Калі надышла шостая гадзіна, цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай. А каля дзявятай гадзіны ўсклікнуў Езус моцным голасам: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён кліча Іллю». А адзін пабег, намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго, кажучы: «Чакайце, пабачым, ці прыйдзе Ілля зняць Яго». Езус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, сканаў.

    І заслона ў святыні разарвалася надвое ад верху да нізу.

    Сотнік, які стаяў насупраць Яго, сказаў, убачыўшы як Ён канаў: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым».

  • Разважанне

    Магчыма і ў цябе быў такі досвед: верыць у Бога, але не адчуваць, што Ён блізка?
    • «Элі, Элі, лема сабахтані?» Як нам спасцігнуць гэтыя незвычайныя словы? Для некаторых хрысціянаў яны амаль нясцерпныя. Няўжо Езус і праўда падумаў, што Айцец пакінуў Яго? Ці магчыма, што Езус сумняваўся ў любові Таго, каго Ён называў «Абба, Ойча»? Ці страціў Езус надзею, калі быў укрыжаваны? Ці мог адчай ахапіць Яго сэрца, калі Ён вісеў на крыжы?
    • Езус сапраўды адчуваў сябе пакінутым. Гэта не сведчыць пра тое, што Ён быў у роспачы. Аднак можна меркаваць, што Езус у свой смяротны час мог адчуваць адсутнасць Айца. Тым не меш, пакуль Ён усклікае да Бога, адносіны паміж імі не перарываюцца.
    • Тут мы павінны адзначыць, што існуе розніца паміж тым, што чалавек верыць у пакінутасць Богам, і адчувае гэта. Апошняе — даволі частая з’ява ў духоўным жыцці. Магчыма і ў цябе быў такі досвед: верыць у Бога, але не адчуваць, што Ён блізка? І тое ж пытанне: «Дзе Ты, Божа?» Гэта яшчэ адно важнае падабенства паміж нашым жыццём і жыццём Езуса.
    • Можна зразумець, чаму Езус меў пачуццё пакінутасці. Падумай, праз што Ён прайшоў да моманту свайго адыходу. Той, хто мінулай ноччу ў садзе Аліўным адмовіўся сам ад сябе дзеля волі Айца, хто цалкам прыняў тое, што Айцец падрыхтаваў для Яго, цяпер пытае з крыжа: «Дзе Ты?»
    • Гэтае пачуццё, магчыма, было ўзмоцнена тым, што Яго пакінулі Ягоныя паслядоўнікі. Раней, калі Езус адчуваў адзіноту ці неразуменне вучняў, Ён мог звярнуцца да Айца за суцяшэннем. Цяпер жа Ён адчувае поўную самоту. У той момант Езус, напэўна, быў самым самотным чалавекам на зямлі.
    • Езус, усклікаючы з крыжа «Божа мой, Божа мой», выкарыстоўвае арамейскае слова «Элаі» ці габрэйскае «Элі», паводле Евангелля. Гэта больш строгая форма звароту да Бога. Пераход ад блізкага Абба ў садзе да строгага Элі з крыжа проста жахлівы. Зведаная Езусам пакінутасць выяўляецца не толькі ў Яго крыку, не толькі ў радку псальма, які Ён выбраў, але таксама ў гэтым слове «Элаі».
  • Размова з Богам

    Звярніся да Бога сярод тваіх асабістых пакут
    • У сваёй маладосці святая Тэрэза з Калькуты перажыла некалькі містычных момантаў асабістай блізкасці да Бога. Але апошнія 50 гадоў жыцця, да сваёй смерці, яна адчувала вялікую пустэчу ў малітве. Аднойчы яна напісала свайму духоўнаму айцу: «У душы я адчуваю толькі страшэнны боль страты — страты веры ў тое, што Бог насамрэч існуе». Лісты Маці Тэрэзы не азначаюць, што яна пакінула Бога ці што Бог пакінуў яе. Фактычна, працягваючы сваё служэнне бедным, яна ўчыніла радыкальны акт вернасці адносінам, у якія ўсё яшчэ верыла, нават не маючы адчування Божай прысутнасці. Яна давярала таму ранняму вопыту. Іншымі словамі, яна працягвала верыць. Можа, і табе давялося прайсці праз такі перыяд у сваім жыцці, калі ты адчуваў Бога вельмі… далёка? На што гэта было падобна? Можа, ты ўсё яшчэ перажываеш гэта…
    • Езус не паддаецца роспачы. Ён захоўвае адносіны з Айцом, усклікаючы да Яго з крыжа. Езус разумее не толькі нашае фізічнае цярпенне, але і духоўныя пакуты, калі мы адчуваем сябе пакінутымі. Ён быў падобны да нас ва ўсім, акрамя граху. Ён перажыў усё тое, што мы перажываем. Правядзі пару хвілін, разважаючы над гэтым і ўсклікаючы да Бога, калі ты адчуваеш у гэтым патрэбу сярод тваіх асабістых пакут.
    • Калі ты змагаешся ў духоўным жыцці, калі ты шукаеш Бога, калі ты молішся ў сумненнях і цемры, і нават калі ты блізкі да адчаю, ты молішся да таго, хто з’яўляецца ўпоўні чалавекам і ўпоўні Богам, да таго, хто разумее цябе дарэшты. Напрыканцы разважання памаліся Богу, ведаючы, што Ён зразумее цябе дасканала.
Дамашняя старонка