User Settings

  • Background
  • Fade speed
  • Music
  • Text size
Choose a backgound theme.
Choose the speed the daily prayer fades between stages.
Choose music to play during the daily prayer.
Choose the size of the text for your daily prayer.

штодзённая малітва - 2017-09-16

Божая прысутнасць

Божа, Які любіш мяне,
дапамажы мне
быць адкрытым на Цябе зараз,
калі я адклаў клопаты гэтага свету.
Напоўні мае думкі Тваім спакоем,
Тваёй любоўю.

Свабода

Пане, Ты даў мне жыццё і дар свабоды.
Праз Тваю любоў я існую ў гэтым свеце.
Навучы мяне цаніць Твае дары.
Навучы паважаць права на жыццё
кожнага чалавека.

Усведамленне

Я існую ў сетцы адносінаў –
з прыродай, людзьмі, Богам.
Я прасочваю сувязі гэтых звёнаў,
прыносячы ўдзячнасць жыццю,
якое цячэ па ім.
Некаторыя звёны гэтага ланцужка
зблытаныя або разарваныя,
і я адчуваю шкадаванне, гнеў, прыкрасць.
І я малюся аб дары прыняцця і прабачэння.

Слова Божае

Лк 6:43-49

Езус казаў сваім вучням:

Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе: не збіраюць з церняў смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду. Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з благога сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя.

Што вы клічаце Мяне: Пане, Пане, – а не выконваеце таго, што Я кажу? Я пакажу вам, да каго падобны кожны, хто прыходзіць да Мяне, слухае Маё слова і выконвае яго. Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, глыбока выкапаў і заклаў падмурак на скале. Калі здарылася паводка, паток хлынуў на гэты дом, аднак не змог пахіснуць яго, таму што ён быў добра збудаваны.

А той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў дом на зямлі і без падмурка. Паток хлынуў на яго, і ён адразу абваліўся, і вялікае было зруйнаванне дому гэтага.

Разважанні да сённяшняга Слова Божага

Active
Default
  • Папа Францішак заахвочвае нас быць людзьмі распазнавання, якія ведаюць, як выявіць і выбраць лепшае, не абмяжоўваючыся чорна-белай альтэрнатывай. Сённяшняе чытанне дае нам добры крытэрый для распазнавання: які будзе плён кожнага выбару? Я засяроджваюся на сваіх разнастайных рашэннях і спрабую адказаць на пытанне: якія плёны сапраўды робяць мяне шчаслівым?
  • У наш час, калі многія каштоўнасці лічацца адноснымі, словы Хрыста аб будаванні на скале гучаць сапраўдным выклікам.для нас. Што яны азначаюць у маім жыцці? Ці ўсе свае “будаўнічыя працы” я вяду на скале? Можа, штосьці важнае я будую на пяску?

Размова

Ці кранула Мяне Божае Слова?
Ці сёння пакінула мяне халодным?
Можа, суцешыла мяне?
Прымусіла змяніць мае паводзіны?
Я ўяўляю, як Езус стаіць
або сядзіць побач са мной,
і я дзялюся з Ім маімі пачуццямі.

Заканчэнне

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды,
і на вякі вечныя.

Амэн

Мы будзем рады пачуць вашыя водгукі, прапановы і пажаданні, звязаныя з Прасторай малітвы.

Усведамленне Божай прысутнасці

Калі б да вас звярнуліся з просьбай назваць сінонім слова “Бог”, вы маглі б адказаць: “Прысутнасць”. Бо Бог – гэта і ёсць прысутнасць. Калі Маісей спытаў у Пана, якое Ягонае імя, Ён адказаў: “Я – Той, Які Ёсць”, а гэта значыць: “Я прысутнічаю, Я тут”. Бог сапраўды хоча сказаць нам: “Я буду з вамі”. Бог унутрана прысутнічае ва ўсім, і асабліва ў нас саміх. У Бібліі Езус названы імем Эмануіл, што азначае “З намі Бог”. Евангелле ад Мацвея заканчваецца цудоўнымі словамі: “Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку”.

Практыкаванне для цела

Сядзьце на крэсла роўна, але выгодна, абапіраючыся на спінку. Расслабцеся, але не горбіцеся. Ногі пастаўце на падлогу перад сабой. Рукі пакладзіце на калені; далонямі ўніз альбо злучыўшы іх разам.

Заплюшчыце вочы альбо глядзіце ў адну кропку перад сабой. Зараз засяродзьце ўсю сваю ўвагу на адчуваннях вашага цела. Можаце пачаць са стопаў і паступова рухацца ўверх, затрымліваючыся хаця б на некалькі секунд на кожнай частцы цела, якую вы адчуваеце, пераключаючы ўвагу з адной часткі цела на другую. Чым даўжэй вы будзеце затрымлівацца на кожнай, тым лепш. Памятайце, што ваша ўвага павінна быць засяроджана на саміх адчуваннях, а не на думках пра іх. Калі вы адчуеце дыскамфорт альбо сверб, альбо пажадаеце змяніць паставу цела, проста ўсвядомце гэтую нязручнасць, пераканайце сябе ў тым, што ўсе ў парадку і, не рухаючыся, працягвайце практыкаванне.

Наша свядомасць звычайна нядоўга дазваляе нам спакойна здзейсніць гэтае альбо падобнае практыкаванне і пачынае турбаваць нас пытаннямі і каментарыямі, такімі, як, напрыклад: "Я губляю каштоўны час. Гэта не мае нічога агульнага з малітвай. Гэта што, індуізм? Які ў гэтым сэнс?" Рабіце з гэтымі перашкодамі гэтак жа, як рабілі са свербам: усведамляйце іх, а затым вяртайцеся да адчуванняў свайго цела.

Калі жадаеце, можаце перайсці да больш відавочнай малітвы, паўтараючы, напрыклад, словы св.Паўла: "У Табе жыву, рухаюся і існую".

Практыкаванне для дыхання

Гэтае практыкаванне заключаецца ў тым, каб засяродзіць усю сваю ўвагу на фізічным адчуванні ўдыхаў і выдыхаў, не змяняючы знарок іх рытму.

Засяродзьце ўсю ўвагу на тым, як праз вашы ноздры праходзіць халоднае паветра падчас ўдыху і цёплае падчас выдыху. Можа здарыцца, што ад усведамлення ўласнага дыхання вам спачатку зробіцца не па сабе і дыханне зробіцца няроўным, але звычайна гэта хутка мінае. Калі гэта будзе працягвацца доўга і вы пачнеце задыхацца, тады гэтае практыкаванне пакуль не для вас.

У большасці людзей падчас гэтага практыкавання дыханне змяняецца, робіцца глыбей і раўней, і на іх сыходзіць санлівасць. Само па сабе гэтае практыкаванне  вельмі добра падыходзіць для рэлаксацыі, але калі вы хочаце выкарыстоўваць яго для малітвы, тады паспрабуйце ва ўдыху выказаць усё, што прагнеце ў жыцці, якім бы нездзяйсняльным гэта не здавалася, а ў выдыху даручыць усе Богу: усё сваё жыццё з яго клопатамі, грахамі, пачуццем віны і скрухай.

Вельмі важна рабіць гэта, ніякім чынам не ацэньваючы сябе: ні адмоўна, ні станоўча. Засяродзьцеся на жаданні аддаць Богу ўвесь неспакой пра сябе самога і не трымайцеся за яго, быццам за вялікую каштоўнасць.

Практыкаванне для слыху

Сядзьце на крэсла роўна, але выгодна, абапіраючыся на спінку.

Зараз проста заўважайце гукі, якія чуеце – гукі ўдалечыні. Проста пачуйце іх, не старайцеся іх нават назваць...

Адзначце больш слабыя гукі, пасля тыя, што чуюцца бліжэй. Проста слухайце, усведамляйце іх...

І біццё вашага сэрца – ледзь прыкметнае, але гэта рытм вашага жыцця...

І гук цішыні там, дзе вы моліцеся, гук цішыні ўнутры вас...

Услухоўвайцеся так некалькі хвілін.

Просьба

Божа, будзь маім ясным святлом, дзе я шукаю шлях і супакой.

Няхай нічога не адрывае мяне ад Цябе.

Мяне ўсяго захавай для Сябе.

Учыні так, каб я толькі ў Табе шукаў суцяшэнне рана, апоўдні і ўвечары.

Дай, каб палюбіў Цябе пачуццём чыстым і гарачым. Хай будуць мілымі майму сэрцу чуласць і трываласць. 

Дапамажы мне пераканацца і ведаць заўсёды, што Ты – адзіная мая надзея, адзіная радасць і суцяшэнне, адзіны страх і адна любоў.

– J. H. Newman

Малітва аб свабодзе

Гэтая малітва дапаможа вам аддаць сябе ў распараджэнне Богу. Св. Ігнацы апісвае гэтую  “Падрыхтоўчую малітву” як выпрошванне ласкі, каб усе мае намеры, дзеі і дзеянні былі  накіраваныя толькі і выключна да служэння і усхвалення Боскай Велічы (Духоўныя  практыкаванні, 46). Можна звярнуцца да Бога такімі словамі:

Божа, я вельмі хачу добра падрыхтавацца да гэтай сустрэчы з Табой. 
Я вельмі хачу быць падрыхтаваным, каб пачуць Цябе, быць уважлівым да Тваіх слоў і  здолець адказаць Табе ўсім сабой. 
Прашу Цябе, дапамажы мне ў тым, каб мае намеры зрабіліся яснымі і чыстымі. 
Ува мне ёсць столькі супярэчлівых жаданняў. 
Я турбуюся з-за дробязных і часовых праблем. 
Я ведаю, што калі аддам Табе сваё сэрца,  што б я ні рабіў, будзе сыходзіць з майго новага сэрца, якое Ты дасі мне. 
Усё, што я ўяўляю сабой сёння, усё тое, што я буду рабіць,  усе мае сустрэчы, разважанні, нават мае расчараванні і няўдачы  і асабліва гэты час малітвы  разам з усім маім жыццём я аддаю ў Твае рукі. 
Божа, я – Твой. Ствары з мяне тое, што пажадаеш. Амэн.

Прагляд Свядомасці

Гэта праўда, што праца Бога працягваецца ў кожнай дробязі нашага жыцця, але як нам пачаць распазнаваць Яго дзейнасць і сваю рэакцыю на гэта?

У канцы дня, перад сном, наш розум, нават без асаблівых намаганняў з нашага боку, пачынае пракручваць нанова некаторыя падзеі дня настолькі яскрава, што часам бывае складана адразу заснуць. Мы можам заўважыць, што зноў перажываем сварку, думаючы пра дасціпныя і вострыя словы, якія мы маглі б сказаць, калі б мы былі больш кемлівыя, і гэтак далей.

Прагляд свядомасці базуецца на натуральнай схільнасці розума і дапамагае нам лепш усведамляць прысутнасць і ўдзел Бога ў нашым штодзённым жыцці, быць больш уважлівымі да момантаў супрацоўніцтва з Божай ласкай і прызнаваць выпадкі, у якіх мы не прынялі Яго любоў.

Як рабіць Прагляд дня

Няхай ваша свядомасць свабодна праглядае апошнія 24 гадзіны вашага жыцця. Устрымлівайцеся ад усялякай самаацэнкі, станоўчай альбо адмоўнай. Спачатку спыняйцеся толькі на тых імгненнях дня, за якія вы ўдзячныя Богу, і атрымлівайце асалоду ад іх. Нават у самым няўдалым дні бываюць радасныя імгненні, калі мы толькі прыкладзем намаганні, каб іх убачыць, – гэта можа быць выгляд кроплі дажджу, якая падае, альбо ўсведамленне таго факту, што я ўвогуле магу бачыць. Выконваючы гэтае практыкаванне, многія людзі бываюць здзіўленымі колькасцю і разнастайнасцю радасных момантаў мінулага дня, на якія інакш хутка б забыліся, калі б яны былі азмрочаны непрыемнымі падзеямі.

Прыгадаўшы гэтыя радасныя імгненні, складайце падзяку Богу за іх і усхваляйце Яго.

Пасля гэтага прыгадайце вашы адчуванні і душэўны стан на працягу дня, адзначаючы, калі магчыма, што было іх прычынай, але зноў жа ўстрымліваючыся ад якой-небудзь самаацэнкі. Глядзіце на стан вашай душы ў прысутнасці Хрыста і прасіце Яго паказаць вам унутраныя падставы, якія знаходзяцца ля вытокаў таго ці іншага настрою. Тут важна не аналізаваць свае перажыванні, але сузіраць іх разам з Хрыстом і дазволіць Яму паказаць нам, дзе мы далі Яму магчымасць быць у нас, а дзе – не. Дзякуйце Яму за тыя моманты, калі вы дазволілі Яго хвале выявіцца ў вас, і прасіце прабачэння за тыя выпадкі, калі не дазволілі Яму дзейнічаць у вас. Бог ніколі не адмаўляе ў прабачэнні. Ён ведае нашу слабасць намнога лепш, чым мы самі. Усё, што нам трэба зрабіць, – гэта паказаць Яму сваю слабасць, а Ён можа ператварыць яе ў моц. Можаце скончыць прагляд дня кароткай малітвай, просячы Бога аб дапамозе і на наступны дзень.

Малітва на заканчэнне Прагляду дня

Пане, Ты ведаеш мяне лепш, чым я сам ведаю сябе.

Твой Дух пранізвае кожны момант майго жыцця.

Дзякуй за Тваю ласку і любоў.

Дзякуй за Тваё сталае, далікатнае запрашэнне да сяброўства. Прабач мне ўсе тыя выпадкі, калі я адмаўляўся ад гэтага запрашэння і зачыняўся ад Цябе.

Дапамажы мне сёння распазнаць Тваю прысутнасць у маім жыцці, адкрыць сваё сэрца для Цябе і дазволіць Табе працаваць ува мне дзеля большай хвалы Тваёй. Амэн.

Слухаючы Слова

Павольна прачытайце ўрывак са Святога Пісання некалькі разоў і звярніце ўвагу, ці няма ў ім якога-небудзь слова ці фразы, якія робяць на вас асаблівае ўражанне. Затрымайцеся на гэтым слове або фразе так доўга, як пажадаеце, перш чым звернецеся да іншай.

Рабіце гэта так, нібыта смокчаце ледзянец. Не намагайцеся аналізаваць словы – бо вы ж звычайна не ломіце ледзянец, перад тым як пакласці яго ў рот, і не праводзіце над ім хімічны аналіз.

Часта які-небудзь выраз прыцягне ўвагу нашай падсвядомасці задоўга да таго, як наш розум усвядоміць прычыну нашай цікавасці да яго. Таму так важна застацца з гэтым выразам як мага даўжэй, не намагаючыся яго аналізаваць.

Напэўна ў маёй галаве з'явіцца мноства старонніх думак, але некаторыя з іх зусім не павінны быць прынятыя за назойлівыя перашкоды і могуць стаць прадметам маёй малітвы. Слова з Пісання – як быццам пуцяводнае святло, якое зіхаціць у плыні маёй свядомасці – думак, успамінаў, разважанняў, надзей, летуценняў, памкненняў, боязі – і мая малітва нараджаецца ў гэтым перапляценні Божага Слова і маіх уласных пачуццяў і думак.

 

Святое Пісанне як пуцяводнае святло

Першы верш Бібліі: “А зямля была нябачная і пустая і цемра над безданню, і Дух Божы лунаў над вадою”,  – апісвае не падзеі мінулага, а стан рэчаў, які існуе, і калі я малюся са Святым Пісаннем, я дазваляю Божаму Духу лунаць над хаосам і цемрай майго быцця.

Калі я дазваляю Слову Бога лунаць над маімі клопатамі, можа здарыцца што заўгодна, бо Ён – Бог нечаканасцяў. Важна не хаваць сваё ​​ўнутранае бязладдзе ад Бога і ад сябе самога. Шмат каго з нас прывучылі думаць, што дапускаць якія-небудзь негатыўныя пачуцці ў малітве – няправільна, а асабліва негатыўныя пачуцці ў адносінах да Бога. Нам трэба пазбавіцца ад гэтых забабонаў і свабодна выказваць свае пачуцці і думкі перад Богам, верачы, што Ён настолькі вялікі, што здольны спакойна ўспрымаць нашы дзіцячыя прыступы гневу. Прытварацца перад Богам не мае сэнсу, бо Ён ведае нас лепш, чым мы ведаем саміх сябе.

Няма такой думкі, пачуцця або жадання, якія не маглі б стаць прадметам вашай малітвы ў святле Слова Божага, калі ўспомніць, што Бог любіць тое бязладдзе, якое вы сабой уяўляеце, і што Яго Дух, які дзейнічае ўнутры вас, можа здзейсніць бясконца больш, чым вы можаце сабе ўявіць.

Што рабіць са староннімі думкамі

Калі мы паспрабуем так маліцца, у галаве ў нас можа з'явіцца мноства пытанняў і відавочна старонніх думак: "Як я магу быць упэўнены, што не падманваю самога сябе? Адкуль мне ведаць, што гэтыя словы праўдзівыя, што Бог сапраўды звяртаецца да мяне? Ці па-сапраўднаму я веру ў Бога? " Усе гэтыя пытанні правамерныя, але пакуль адкладзем іх у бок. Калі ноччу дзіця палохаецца, прыходзіць маці, бярэ яго на рукі і кажа: "Усё добра", –  і дзіця паступова супакойваецца. Але калі на руках у мамы вундэркінд, які адказвае: "Мама, але якія эпістэмалагічныя і метафізічныя перадумовы твайго сцверджання і якія эмпірычныя доказы ты можаш прывесці ў пацверджанне свайго пункту гледжання?», - Маці напэўна апынецца ў цяжкім становішчы. Мы паводзім сябе як гэтае невыноснае дзіця, калі падчас малітвы адмаўляемся слухаць Бога да таго часу, пакуль Ён не будзе адпавядаць тым крытэрыям, якія нам уздумаецца Яму прапанаваць. Мы маем зносіны з Ім перш за ўсё сэрцам, а яно не дурное, у яго ёсць свае матывы – больш глыбокія, чым можа здацца нашай свядомасці.

Дапусцім, я адклаў у бок гэтыя пытанні, але як паступіць з іншымі староннімі думкамі, якія запаўняюць мой розум? Вы можаце пачаць турбавацца, ці выключылі вы газ, ці раптам ўспомніць пра ліст, які забыліся выслаць электроннай поштай. Калі гэта нешта тэрміновае, як, напрыклад, газ, лепш за ўсё, вядома, пайсці і праверыць. Справы ж, якія могуць пачакаць, лепш проста запісаць, каб вярнуцца да іх пазней.

Усё іншае, што прыходзіць вам у галаву, можа стаць зусім не перашкодай, але прадметам малітвы.

Размова з Езусам

Уявіце, што побач з вамі сядзіць Езус. Так вы паставіце сваё ўяўленне на паслугу веры. Езуса тут няма ў такім сэнсе, як вы сабе ўяўляеце, але ўсё ж Ён, вядома, тут, і ўяўленне дапаможа вам усвядоміць гэта. Зараз пагутарыце з Езусам... Калі нікога побач няма, кажыце паціху ўголас... Слухайце, што Езус кажа вам у адказ, або ўяўляйце сабе Яго адказы... У гэтым розніца паміж роздумам і малітвай: калі мы думаем, мы звычайна размаўляем самі з сабой; калі мы молімся, мы размаўляем з Богам.

Св.Ігнацый называе такую размову гутаркай і тлумачыць: “Гутарку трэба праводзіць як сапраўдную размову – як сябар размаўляе з сябрам, альбо як слуга са сваім валадаром, – ці то выпрошваючы якую-небудзь ласку, ці то абвінавачваючы сябе самога ў чымсьці дрэнным, ці то паведамляючы пра свае справы (думкі, сумненні, намеры, стан сваёй душы), і ва ўсім просячы парады... У гутарках варта разважаць і прасіць адпаведна з тэмай разважання, згодна з тым, ці знаходзіцца хтосьці ў спакусе ці ў суцяшэнні; ці хоча мець тую ці іншую цноту; ці хоча сябе схіліць у той ці іншы бок; ці хоча здабыць смутак ці радасць, адпаведна прадмету сузірання; просячы толькі таго, чаго найбольш моцна жадае дасягнуць”. (Духоўныя практыкаванні № 54, 199).

Магчыма, вам дапамогуць  выява Хрыста, Крыж, выява Хрыста Ўваскрослага або Маці Божай з Дзіцяткам Езусам.

Toggle Music